У апошні дзень 2010 года Прэзідэнт падпісаў Дырэктыву № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь". Такога дакумента беларускія прадпрымальнікі чакалі з красавіка 2010 года, калі Прэзідэнт у сваім звароце да беларускага народа і Нацыянальнага сходу паабяцаў прыняць гэты дакумент. Яго стварэнне і дапрацоўка цягнуліся ажно да самага канца 2010 года, і некаторыя прадстаўнікі бізнэс-супольнасці ў пэўныя моманты нават выказвалі занепакоенасць ходам распрацоўкі дырэктывы. Але ўсё-такі 31 снежня Дырэктыва № 4 была падпісаная, і прадпрымальнікі такім чынам атрымалі ў нейкім сэнсе падарунак пад Новы год. Сёння мы вырашылі пацікавіцца ў прадстаўнікоў вядучых беларускіх бізнэс-саюзаў, ці задаволеныя дзелавыя колы самім фактам прыняцця дырэктывы і яе зместам.
Аляксандр КАЛІНІН, старшыня ГА "Беларускі саюз прадпрымальнікаў":
— Менавіта дзелавая супольнасць ініцыявала прыняцце Дырэктывы № 4 як стратэгічнага дакумента, які б зарыентаваў усе нашы дзяржаўныя органы на пэўную лінію развіцця эканомікі. Таму мы з вялікай увагай вывучалі тэкст дырэктывы, знайшлі вельмі шмат нашых прапаноў і ацэньваем гэты дакумент вельмі станоўча, бо там сапраўды дадзены стратэгічны напрамак развіцця эканомікі краіны, закладзены перадумовы для сур'ёзнай лібералізацыі ўмоў эканамічнай дзейнасці. Усталяванне і абвяшчэнне канчатковай мэты лібералізацыі — стварэння безбар'ернага дзелавога асяроддзя — не можа ў бізнэсу выклікаць пытанняў, бо гэта абсалютна правільная мэта. І калі мы гэтага даб'ёмся, то мы ўвойдзем у 30-ку краін у свеце з найлепшымі ўмовамі для вядзення бізнэсу.
— Якія, на ваш погляд, самыя важныя напрамкі ў Дырэктыве № 4?
— Вельмі важным з'яўляецца развіццё канкурэнцыі і мінімізацыя дзяржрэгулявання. Мы вельмі даўно дабіваліся свабоднага цэнаўтварэння — і вось гэта ёсць у дырэктыве. Засталося толькі дачакацца пераліку сацыяльна значных тавараў і пераліку манапалістаў, бо тут пакуль лозунг абвешчаны, але канкрэтнага дакумента няма.
Дадатковым крокам наперад з'яўляецца і яшчэ большае спрашчэнне ўваходжання ў бізнэс, напрыклад, увядзенне электроннай рэгістрацыі юрыдычных асоб і ІП, хаця ў нас у краіне і так умовы пачатку бізнэсу дастаткова ліберальныя.
Вельмі важны момант — гарантыі захавання права ўласнасці. На жаль, у нас у недалёкім мінулым вельмі шмат прыкладаў, калі адмяняліся вынікі прыватызацыі, калі адбывалася канфіскацыя ў добрасумленных пакупнікоў маёмасці і неапраўданая канфіскацыя ў выніку адміністрацыйных правапарушэнняў. Ад такой практыкі трэба адмаўляцца, і дырэктыва дае такі напрамак, які, спадзяёмся, будзе напоўнены канкрэтным зместам.
Важным напрамкам з'яўляецца і далейшае зніжэнне падатковага ціску, спрашчэнне падатковай сістэмы. Вельмі даўно бізнэс дабіваўся павелічэння межаў выручкі для прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання — у дырэктыве гэта ёсць, і гэта вельмі сур'ёзны крок.
Што тычыцца малога бізнэсу, то тут важны пункт у дырэктыве наконт адмены абавязковай здачы наяўнай выручкі ў банк, адмены ўзгаднення лімітаў астатку ў касе, а таксама адмены патрабавання мэтавага выкарыстання выручкі. Усё гэта дасць большую свабоду малому бізнэсу, бо сур'ёзна знізіць выдаткі на банкаўскае абслугоўванне.
У прапісаным у тэксце дырэктывы далейшым удасканальванні кантрольнай дзейнасці змяшчаецца вельмі важны момант наконт маніторынгаў. Калі памятаеце, нядаўна быў прыняты Указ Прэзідэнта № 510 аб удасканальванні кантрольнай дзейнасці. Гэты дакумент вельмі прагрэсіўны, над ім працавалі прадстаўнікі дзелавой супольнасці, і ў тым ліку я сам. Аднак на практыцы прагрэсіўныя нормы 510-га ўказа пачалі абыходзіцца кантрольнымі органамі праз розныя маніторынгі, якія былі прыдуманы замест праверак. Зараз жа ў дырэктыве дакладна напісана, што маніторынг не дае права выкарыстоўваць паўнамоцтвы, якія маюцца пры праверках. Такім чынам, толькі пры правядзенні праверак могуць прымяняцца санкцыі, а самі праверкі ў нас ужо добра прапісаны ва ўказе Прэзідэнта.
Добры і важны крок — лібералізацыя ў галіне адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці пры вядзенні прадпрымальніцкай дзейнасці. Бо ў нас сёння дастаткова жорстка-рэпрэсіўнае заканадаўства і шмат якія санкцыі не адэкватныя цяжару правапарушэнняў. Тут вельмі вялікі кавалак працы па ўдасканаленні цэлага шэрагу артыкулаў КаАП і Крымінальнага кодэкса, але сама пастаноўка пытання вельмі правільная — людзі не павінны баяцца займацца бізнэсам. Напрыклад, мы вельмі доўга дабіваліся адмены артыкула 23.17 КаАП, дзе санкцыі прапісаны ў працэнтах ад сумы гаспадарчай аперацыі за фармальныя парушэнні ў афармленні першасных уліковых дакументаў, і нарэшце дырэктывай дзеянне гэтага артыкула спынена да ўнясення паправак у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Не магу не адзначыць і лібералізацыю ўмоў найму працаўнікоў і аплаты працы, бо ў нас тут даўно існуе залішняе рэгуляванне. Дзяржава павінна толькі ўстанаўліваць мінімальную зарплату, а ўсё астатняе — па дамоўленасці суб'ектаў гаспадарання і наёмных працаўнікоў.
Ну і, нарэшце, трэба адзначыць важнасць даручэння дзяржорганам пры незразумеласці ці недакладнасці актаў заканадаўства ўсе рашэнні прымаць на карысць суб'ектаў гаспадарання, а таксама важнасць патрабавання афіцыйнага апублікавання праектаў заканадаўчых актаў, іх абмеркаванне з дзелавой супольнасцю. Гэта вельмі важныя пытанні, бо ў нас ужо былі выпадкі, калі нарматыўныя акты, прынятыя без абмеркавання, прыходзілася праз некалькі дзён адмяняць.
Усё гэтыя перадумовы, запісаныя ў Дырэктыве № 4, безумоўна, ствараюць умовы для фарміравання ў бліжэйшы час, магчыма, у бліжэйшы год, сапраўды безбар'ернага асяроддзя. Але тут вельмі важна напоўніць дырэктыву канкрэтнымі дзеяннямі — зараз у трохмесячны тэрмін павінен быць распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў дырэктывы, і дзелавая супольнасць павінна актыўна працаваць, каб гэты план быў напоўнены максімальна ліберальнымі нарматыўнымі актамі.
— Як лічыце, за 2011 год можа быць рэалізавана большасць палажэнняў дырэктывы?
— Большасць, безумоўна, павінна быць рэалізавана. Больш складанасцяў будзе з рэгуляваннем кодэксаў, бо гэта больш працаёміста, а астатнія рэчы могуць быць вырашаны на працягу месяца пастановамі Саўміна ці Нацбанка.
— А як думаеце, дырэктыва нейкім чынам уздымае статус прадпрымальніка ў вачах чыноўніка?
— Безумоўна! У дырэктыве ёсць асобны 8-ы пункт пра развіццё дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Дый і ў самым пачатку дырэктывы напісана, што "стварэнне спрыяльных умоў для прадпрымальніцкай дзейнасці з'яўляецца адным з асноўных стратэгічных фактараў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця". Такім чынам дырэктыва безумоўна арыентуе на дапамогу прадпрымальнікам з боку дзяржчыноўнікаў, на максімальнае разняволенне дзелавой ініцыятывы грамадзян.
Георгій БАДЗЕЙ, старшыня праўлення Бізнэс-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафесара М.С. Куняўскага:
— У цэлым фактам прыняцця дырэктывы мы задаволены, тэкстам таксама — нейкіх вялікіх нараканняў у нас няма. Галоўнае, каб гэты дакумент працаваў...
— Гэта вы маеце на ўвазе сітуацыю з "Пінскдрэвам" (3 студзеня 2011 года быў падпісаны Указ Прэзідэнта № 2 "Аб некаторых пытаннях холдынгу "Холдынгавая кампанія "Пінскдрэў", згодна з якім канцэрн Беллеспаперапрам стаў кіруючай кампаніяй прыватнага холдынгу, і ўсе яго рашэнні абавязковыя для выканання "Пінскдрэвам" без права адхілення ці адмены. — аўт.)?
— Абсалютна правільна!
— З гэтай нагоды ваш саюз звяртаўся ў дзяржаўныя органы?
— Так, мы звярнуліся ў Савет міністраў да прэм'ер-міністра і ў Адміністрацыю Прэзідэнта, зараз чакаем адказаў.
— Давайце вернемся да дырэктывы — вашы прапановы ў тэксце дакумента ўлічаныя?
— Так, у цэлым усё ўлічана, хоць ёсць некаторыя ўпушчэнні.
— Як лічыце, наколькі хутка трэба ператвараць у жыццё палажэнні дырэктывы?
— Трэба рабіць і хутка, і разумна. Ніхто ж не кажа, што трэба рабіць па-дурному. А наконт таго, хутка ці павольна, то, вядома, трэба ўсё рабіць хутка. Бо мы ўжо даўно адсталі ад усяго свету — і Еўропы, і іншых краін.
Уладзімір КАРАГІН, старшыня ГА "Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў":
— Усё асноўнае яшчэ трэба будзе зрабіць — гэта значыць, пастанову ўрада. І мы над гэтым будзем шчыльна працаваць разам з урадам (на жаль, Уладзімір Мікалаевіч зараз знаходзіцца ў Польшчы з дзелавым візітам, таму каментар атрымаўся такі кароткі. — аўт.).
Віктар МАРГЕЛАЎ, сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва:
— Прадпрымальнікі задаволеныя фактам прыняцця дырэктывы, тым, што яна пракладвае прававое поле для паляпшэння дзелавога асяродку ў Рэспубліцы Беларусь. Як вядома, у нас шмат якія рашэнні не знаходзяцца ў кампетэнцыі міністраў і нават віцэ-прэм'ераў, і менавіта на такія лёсавызначальныя пытанні дае адказы дырэктыва. Безумоўна, гэты дакумент пісаўся з удзелам прадпрымальнікаў, таму ў той ці іншай форме дырэктыва азначае, што ўлада і прадпрымальнікі разам усведамляюць наяўнасць праблем і гатовыя іх вырашаць — і гэта з'яўляецца самым важным у дырэктыве. Акрамя таго, у дырэктыве прапануецца замацаваць узаемадзеянне бізнэсу і ўлады пры прыняцці нарматыўных дакументаў у галіне прадпрымальніцтва. Прапануецца стварыць экспертныя рады, куды ўключаць не толькі прадстаўнікоў бізнэс-саюзаў, але і экспертаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, і такім чынам зрабіць вялікі крок у напрамку дэмакратызацыі прыняцця рашэнняў у нашай краіне.
Што тычыцца прапаноў, то яны ўсё добрыя і правільныя ў дырэктыве. Але найбольш важна сёння для бізнэсу — гэта ўсё-такі стварэнне канкурэнтнага дзелавога асяроддзя, дзе рэсурсы дзеляцца не па той прыкмеце, хто якому міністэрству падпарадкоўваецца і якую ўласнасць прадстаўляе, а па рыначных прынцыпах.
Другім важным напрамкам дырэктывы, на маю думку, з'яўляецца тое, што штрафы за парушэнні пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці будуць прыведзеныя ў адпаведнасць са ступенню небяспекі і са ступенню нанесенага ўрону дзяржаве. У выпадках, калі ўрону не будзе, то мяркуецца, што штрафы будуць заменены папярэджаннямі. У прынцыпе, гэта дзелавая супольнасць прапануе чацвёрты год, але два разы змены ў КаАП уносіліся толькі дробныя.
Ёсць у дырэктыве і іншыя важныя рэчы — напрыклад, права прадпрымальнікаў пасля 3 гадоў арэнды выкупіць арандаванае памяшканне. Але, высока ацэньваючы саму дырэктыву, самае сёння балючае пытанне — якім чынам прапановы, змешчаныя ў ёй, ператварыць у пакет нарматыўных прававых актаў, якія рэальна б вырашылі абазначаныя праблемы. Бо, як кажуць, д'ябал заўсёды хаваецца ў дробязях: паставіў не там коску — і слушную прапанову можна ператварыць у нішто. Наколькі мне вядома, будуць збірацца працоўныя групы і абмяркоўваць, якім чынам рэалізоўваць дырэктыву. Так што, самае складанае ў нас яшчэ наперадзе.
— Як лічыце, наколькі хутка трэба гэта ўсё рэалізоўваць?
— Трэба было рэалізоўваць яшчэ ўчора. Большасць пытанняў ужо пераспелая, іх трэба было вырашаць пяць гадоў таму — і мы б даўно ўжо жылі ў іншай краіне. Але калі зараз казаць пра рэальныя тэрміны, то я лічу, што даволі шмат пытанняў можна вырашыць на працягу пары месяцаў. Ёсць і цяжкія пытанні, напрыклад, наконт змянення кодэксаў — але, мяркую, паловы года тут дастаткова. Ну а людзі, якія з'яўляюцца рэалістамі, кажуць, што было б вельмі добра, калі б да канца года большасць прапаноў дырэктывы была рэалізавана.
— Віктар Ягоравіч, мы з вамі пару гадоў назад рабілі інтэрв'ю, дзе вы казалі пра неабходнасць своеасаблівага маніфеста, які б паказаў важнасць прадпрымальніцтва ў нашай дзяржаве. Як лічыце, можа, дырэктыва якраз і з'яўляецца такім маніфестам?
— У прынцыпе, можна сказаць і так. Прынамсі, мне расказалі такую гісторыю: аднаму прадпрымальніку не давалі квоты на сыравіну. Ён прыйшоў да чыноўнікаў, паказаў Дырэктыву № 4 і сказаў: "Разумееце, мы ўжо ў іншай краіне жывём — вось дырэктыва, і вы павінны вырашыць маё пытанне, я не магу застацца без сыравіны". І чыноўнікі падумалі-падумалі, і далі квоты на сыравіну. Так што бачыце, ужо сам факт наяўнасці дырэктывы дае пэўныя перавагі, якімі можна скарыстацца. Аднак усё ж варта адзначыць, што, нягледзячы на дырэктыву, прадпрымальнікі ацэньваюць стаўленне да сябе як негатыўнае, і ў першую чаргу з боку дробных чыноўнікаў.
Газета “Звязда”
№ 20 (26884) ад 2 лютага 2011 г.
Аўтар публікацыі: Павел БЕРАСНЕЎ




